Новости института

XXVI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыйнае развіццё і структурная перабудова эканомікі”


прайшла 17- 18 мая 2022 года ў Прыватным інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва (г. Мінск). У праграме канферэнцыі – больш за 70 прэзентацый навуковых распрацовак ужо сталых вучоных і студэнтаў. Сярод выступоўцаў – прадстаўнікі акадэмічнай і універсітэцкай спупольнасці, дзяржаўных і прыватных бізнес-кампаній, органаў кіравання, грамадскіх арганізацый, даследчыкі-пачаткоўцы.
З вітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся рэктар Прыватнага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва (ПІКП) Сіняк Мікалай Георгіевіч. Ён падкрэсліў важнасць навуковага форуму для абмену досведам, экспертных дыскусій, а таксама для студэнтаў, якія такім чынам атрымліваюць важныя навыкі спецыялістаў XXI стагоддзя. “Адзін з прынцыпаў сучаснай навукі і практыкі – міждысцыплінарнасць, - падкрэсліў М.Г. Сіняк, - і мы арыентуемся на такі падыход на нашай канферэнцыі”.
Доказам гэтым словам было пленарнае паседжанне, на якім выступілі вядомыя даследчыкі і практыкі з Беларусі і Расіі.  Калёнаў Генадзь Генадзевіч – мадэратар Міжнароднай супольнасці менеджэраў нерухомасці зрабіў выступ па тэме «Мадэляванне сумеснага домаўладання на аснове жыццёвага цыклу шматкватэрнага жылога дома». А вядомы беларускі гісторык Кіштымаў Андрэй Леанідавіч, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскай лабараторыі гісторыка-культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі яскрава падзяліўся думкамі па тэме "Інавацыйнае развіццё і структурная перабудова эканомікі: гістарычны экскурс". Прэзентацыя Шаўрова Сяргея Аляксеевіча, загадчыка кафедры кіравання і эканомікі ПІКП і Мікалая Георгіевіча Сіняка пазнаёміла слухачоў з Цэнтрам кампетэнцый ПІКП «Лічбавая эканоміка і нерухомасць» і з накірункамі даследванняў для стварэння Стратэгіі развіцця сістэмы зямельнага адміністравання ў Рэспубліцы Беларусь. Замежны госць канферэнцыі - Ілля Віктаравіч Ахотнікаў (дацэнт кафедры «Эканамічная тэорыя і менеджмент» Расійскага ўніверсітэта транспарту, навуковы дырэктар Міжнароднай акадэміі лагістыкі і кіравання ланцугамі паставак, к.э.н., г. Масква) прэзентаваў даклад «Стратэгічныя прыярытэты і рызыкі лічбавай трансфармацыі эканомікі і бізнесу». Старшыня Асацыяцыі ацэначных арганізацый Беларусі Юрэня Святлана Пятроўна распавяла пра развіццё сістэмы незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый у Рэспубліцы Беларусь.  Загадчык аддзела навукі ПІКП, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Сівагракаў Алег Уладзіміравіч прадставіў мадэль устойлівага сацыяльна-прыродна-эканамічнага партысіпатыўнага развіцця тэрыторыі на прыкладзе міжнароднага праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”.
Пасля адбыліся паседжанні чатырох тэматычных секцый канферэнцыі, у тым лікі дзвух – студэнцкіх. На іх разам з беларускімі даследчыкамі выступілі эксперты з Расіі, Германіі і Кіргізстана. Акрамя таго ў межах канферэнцыі адбыўся круглы стол “Развіццё прамысловага турызму”, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі некалькіх вядомых прадпрыемстваў Беларусі.
Завяршылася канферэнцыя ўручэннем ганаровых грамат студэнтам за лепшыя даклады.
Наступная, XXVII Міжнародная канферэнцыя ў Прыватным інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва запланаваная на красавік 2023 года.
Сачыце за інфармацыяй! Сардэчна запрашаем!

Презентации, показанные на конференции (смотреть)