Новости института

Удзел у канферэнцыі па ўстойлівым развіцці Міёрскага раёна

15 красавіка прадстаўнікі нашага інстытута на чале з рэктарам М.Г. Сіняком па запрашэнні кіраўніцтва Міёрскага райвыканкаму (Віцебская вобласць) прынялі ўдзел у заключнай канферэнцыі міжнароднага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэса развіцця раёна праз партнёрства мясцовай улады і грамадскай супольнасці”.
Дзякуючы праекту на Міёршчыне палепшана развіццё базавай інфраструктуры, сацыяльных і экалагічных аб’ектаў, у тым ліку абсталяваны спартыўныя пляцоўкі, кемпінгі, назіральныя вышкі, падоўжаны драўляны насціл знакамітай экалагічнай сцежкі “Азяраўкі-Ельня”, добраўпарадкаваны гарадскі парк “Паўвостраў”, мадэрнізавана інфраструктура сістэмы аховы здароўя.

Вялікая роля праекта заключалася ў навучанні мясцовых жыхароў. Праектны офіс правёў серыю семінараў і трэнінгаў па развіццю мясцовых рэсурсаў і арганізацыі мясцовых святаў, гендэрнай роўнасці і роўных магчымасцях, напісанні праектных заявак, адукацыйныя мерапрыемствы для валанцёраў, экскурсаводаў, майстроў, фермераў, гаспадароў аграэкасядзіб і іншых зацікаўленых.

Упершыню міярчане навучыліся распрацоўваць праектныя заяўкі і паўдзельнічалі ў конкурсе мясцовых ініцыятыў. Конкурсная камісія абрала 10 пераможцаў. Конкурс стаў штуршком для развіцця грамадскай актыўнасці і прадпрымальніцтва на Міёршчыне, аўтары цікавых ідэй атрымалі магчымасць іх рэалізаваць і сталі прыкладам для іншых.
Пры раённым Савеце дэпутатаў (упершыню ў Беларусі!) створаны Грамадскі савет па распрацоўцы і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, галоўная задача якога – прыцягнуць мясцовых жыхароў да абмеркавання і вырашэння мясцовых праблем. У склад савета ўвайшлі прадстаўнікі грамадскасці, мясцовай улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна. З ўдзелам членаў Грамадскага савета і іншымі зацікаўленымі распрацаваны Стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна і Моладзевая стратэгія ўстойлівага развіцця.

Інавацыя праекта – у развіцці вясковага раёна на аснове мясцовых брэндаў – жураўлёў, журавін і балота Ельня. З мэтай стварэння цэласнага іміджу Міёршчыны для айчынных і замежных турыстаў спецыялісты вядомага ў краіне крэатыўнага агенцтва “Малако” распрацавалі брэндбук Міёрскага краю.

Асноўную прэзентацыю вынікаў праекта зрабіў на канферэнцыі кіраўнік праекта Сівагракаў А.У.

Выступаючы на канферэнцыі, рэктар нашага інстытута Сіняк М.Г. адзначыў, што мадэль комплекснага ўстойлівага развіцця, якая была рэалізаваная ў межах праекта, можа быць паспяхова распаўсюджана на іншыя раёны і гарады Беларусі. Мікалай Георгіевіч падкрэсліў вялікі патэнцыял узаемадзеяння раёна з экспертамі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.

Падчас знаходжання ў Міёрскім раёне дэлегацыя інстытута ў складзе рэктара М.Г. Сіняка, першага прарэктара Парфяновіч К.А. і загадчыка аддзела навукі Сівагракава А.У. сустрэдіся са старшынёй Міёрскага райвыканкама Кузняцовым І.В. і намеснікамі старшыні. Былі абмеркаваныя канкрэтныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва Міёрскага раёна з інстытутам, дасягнутыя дамоўленасці аб першых кроках такой супрацы.